Палітыка Палітыка

«Дэмаграфічны пыласос»: Польшча спустошыць Беларусь з дапамогай Карты паляка?

Крыніца малюнка: new-ton.by
 

Саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы выступіў з прапановай змяніць умовы атрымання Карты паляка - гаворка ідзе пра адмову ад патрабавання аб абавязковым валоданні польскай мовай. Абгрунтавана гэта клопатам пра эмігрантаў з польскімі каранямі, якія пражываюць у Бразіліі і маглі б прэтэндаваць на Карту паляка, калі б не моўнае патрабаванне. Па дадзеных Саюза, у гэтай лацінаамерыканскай краіне пражывае ад 1,5 да 3 мільёнаў чалавек, якія маюць польскія карані. Аднак ці можа лібералізацыя патрабаванняў да прэтэндэнтаў на Карту паляка закрануць і больш блізкія краіны, у тым ліку Беларусь?

У 2017 годзе тагачасны амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік заявіў, што каля 100 тысяч беларускіх грамадзян маюць Карту паляка. Яна выдаецца грамадзянам рэспублік былога СССР з польскімі каранямі. Праграму запусцілі ў 2008 годзе. Карта паляка дазваляе яго ўладальніку атрымліваць бясплатныя доўгатэрміновыя візы, а таксама легальна працаваць і вучыцца на тых жа правах, што і грамадзяне Польшчы.

У першую чаргу Карта паляка арыентавана на грамадзян Беларусі, Украіны і Літвы, тэрыторыі якіх уваходзілі ў першую і другую Рэч Паспалітую, і дзе да гэтага часу пражывае нямала асоб, якія вызначаюць сябе палякамі.

Карта паляка выклікае даволі нервовую рэакцыю як у Літве, дзе значная польская меншасць пражывае ў Віленскім краі, так і ў Беларусі. Аднак калі ў Літве далей славеснай рыторыкі справа не ідзе, і супраць уладальнікаў Карты паляка не дзейнічаюць ніякія абмежавальныя меры, то ў Беларусі дэпутатам Нацыянальнага сходу на заканадаўчым узроўні забаронена ёй карыстацца.

Безумоўна, Карта паляка з'яўляецца важным правадніком нацыянальных інтарэсаў Польшчы, і менавіта таму ў сумежных дзяржавах гэты дакумент выклікае падазрэнні.

Карта паляка фармалізуе польскую ідэнтычнасць яе ўладальніка і спрыяе лаяльнасці да польскай дзяржавы, надае цэлы набор правоў і прывілеяў на тэрыторыі Польшчы. Асабліва зручная яна ў адносінах да моладзі, якая атрымлівае магчымасць навучацца ў Польшчы, дзе ў працэсе адукацыі фарміруецца пэўны светапогляд.

Зразумела, што такія людзі з падвоенай лаяльнасцю нават часам неўсвядомлена з’яўляюцца праваднікамі польскіх інтарэсаў на тэрыторыі дзяржаў-суседзяў. Карта паляка - важны інструмент «мяккай сілы» Варшавы на тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай.

Па дадзеных самага свежага перапісу насельніцтва, у Беларусі на 2009 год пражывала 294 тысяч палякаў. Пры гэтым колькасць польскай меншасці ўстойліва скарачалася ўвесь пасляваенны перыяд - у 1959 годзе ў Беларускай ССР пражывала больш за паўмільёна палякаў.

Найбольш «польскай» у Беларусі з'яўляецца Гродзенская вобласць, дзе палякі складаюць другую па колькасці этнічную групу, а ў асобных раёнах яны нават знаходзяцца ў абсалютнай большасці.

Варта адзначыць, што большасць беларускіх палякаў не з'яўляюцца выхадцамі або нашчадкамі выхадцаў з тэрыторыі сучаснай Польшчы. У асноўным гэта карэннае беларускае насельніцтва каталіцкага веравызнання, якое прыняла польскую ідэнтычнасць праз касцёл. Варта адзначыць, што ў якасці роднай мовы беларускія палякі звычайна называюць беларускую або рускую, хоць у той ці іншай ступені польскай мовай валодаюць многія з іх, асабліва старажылы, якія паспелі павучыцца ў школах міжваеннай Польшчы.

Гэтымі асаблівасцямі беларускіх палякаў тлумачыцца і спецыфіка «польскага пытання» у Беларусі.

Большасць беларускіх палякаў маюць змешаную, «гнуткую» беларуска-польскую ідэнтычнасць, якая актуалізуецца ў залежнасці ад абставін.

У прыватнасці, памяншенне польскага насельніцтва, што засведчана ў перапісах, можна растлумачыць не толькі і не столькі асіміляцыяй, колькі тым, што ва ўмовах савецкай і постсавецкай Беларусі людзям «зручней» вызначаць сябе беларусамі, а не палякамі. Аднак гэта не азначае, што пры іншых абставінах польская ідэнтычнасць не можа быць зноў актуалізавана. Польшча робіць усё, што ад яе залежыць, каб як мага большая колькасць беларускіх грамадзян «прыгадала» пра свае польскія карані, і Карта паляка з'яўляецца адным з галоўных інструментаў.

А вось роля каталіцкай царквы ў прасоўванні «пальшчызны» у апошні час не такая адназначная. Як згадвалася раней, менавіта канфесійная, а не моўная прыналежнасць доўгі час вызначала польскую самасвядомасць на тэрыторыі Беларусі.

На сённяшні дзень сярод каталіцкага кліру ў Беларусі таксама нямала выхадцаў з Польшчы, а ў многіх храмах набажэнствы праводзяца на польскай мове. З іншага боку, робяцца сур'ёзныя намаганні па «беларусізацыі» касцёла - падрыхтоўке святароў мясцовага паходжання, а таксама перакладу набажэнстваў і царкоўнай літаратуры на беларускую мову. Вынікі гэтай ціхай барацьбы за сэрцы беларускіх каталікоў пакажа новы перапіс насельніцтва, які пройдзе ў Беларусі ў гэтым годзе.

Зрэшты, Карта паляка можа служыць не толькі для прасоўвання польскай самасвядомасці на былых землях Рэчы Паспалітай і павелічэння колькасці тых, хто лічыць сябе палякамі. Наадварот, яна можа служыць так званай дэмаграфічнай помпай, якая перамяшчае насельніцтва з суседніх краін у Польшчу.

Як і большасць краін Усходняй Еўропы, Польшча перажывае дэмаграфічны крызіс. Пастаянна павялічваецца адмоўны прырост насельніцтва, які назіраецца тут з 2012 года, і на сенняшні час змяншэнне складае каля 40 тысяч чалавек у год.

Значную ролю у гэтым працэсе грае эміграцыйны адток у іншыя краіны Еўрасаюза, які складае крыху менш за палову ад агульнага змяншэння.

Польшча выступае супраць міграцыйных квот ЕС за кошт выхадцаў з Азіі і Афрыкі і спрабуе кампенсаваць дэмаграфічныя страты пры дапамозе этнічна блізкага насельніцтва былых «крэсаў усходніх». Найбольш паспяхова гэтая палітыка працуе ў дачыненні да Украіны, аднак дэмаграфічны пыласос спрабуюць запусціць і на беларускім напрамку.

Карта паляка служыць інструментам не толькі прыцягнення працоўных мігрантаў, але і іх далейшай адаптацыі і асіміляцыі, аднак жорсткія патрабаванні пачатковага ведання мовы істотна аслабляюць яе патэнцыял. Таму лібералізацыя патрабаванняў для павелічэння колькасці патэнцыйных атрымальнікаў Карты выглядае цалкам лагічным крокам. Не выключана, што тэставаць новую тэхналогію спачатку будуць сапраўды на далёкіх бразільцах.

Артыкул даступны на іншых мовах: