Палітыка Палітыка

«Барыс Грызлоў грызе казлоў»: чаго чакаць ад новага расійскага пасла ў Беларусі

 

У Беларусь едзе новы пасол Расіі - былы старшыня Дзяржаўнай думы і міністр унутраных спраў Расіі Барыс Грызлоў. Ён стане ўжо чацвёртым расейскім паслом у Беларусі з 2018 года. Два яго папярэднікі, Міхаіл Бабіч і Яўген Лук'янаў, пратрымаліся на гэтай пасадзе менш за год, а Дзмітрый Мезенцаў прабыў у статусе пасла крыху менш за два гады. У сувязі з гэтым назіральнікі гадаюць, з чым звязана гэтая пасольская чахарда, ці надоўга затрымаецца Грызлоў у Мінску, і якой можа быць яго асноўная місія.

Пасольская чахарда

Да 2018 года дыпламатычнае прадстаўніцтва РФ у Беларусі ўзначальваў Аляксандр Сурыкаў. На фоне сваіх пераемнікаў ён аказаўся сапраўдным доўгажыхаром - у Мінску прабыў 12 гадоў.

За час знаходжання Сурыкава на пасадзе пасла пазіцыі Расіі ў Беларусі істотна пахіснуліся.

Менавіта ў гэты перыяд у поўную сілу разгарнулася палітыка шматвектарнасці, імкліва вырас уплыў празаходніх і нацыяналістычных сіл.

Усё гэта адбывалася на фоне стагнацыі інтэграцыйных працэсаў паміж Беларуссю і Расіяй і агульнага пагаршэння двухбаковых адносін.

Напрыканцы знаходжання Сурыкава на пасадзе пасла тупік у двухбаковых адносінах быў відавочны, а значыць, са зменай пасла павінна была адбыцца і пераацэнка фармату ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі.

Гэтая місія была ўскладзена на паўнамоцнага прадстаўніка Уладзіміра Пуціна ў Прыволжскай федэральнай акрузе Міхаіла Бабіча, які паказаў прынцыпова іншы стыль расійскай дыпламатыі. Калі Сурыкаў дэманстраваў поўнае неўмяшанне ва ўнутраныя справы Беларусі і ўсяляк пазбягаў любой крытыкі беларускага кіраўніцтва, то Бабіч заняў вельмі актыўную публічную пазіцыю, вельмі нехарактэрную для расійскага дыпламата. Да гэтага падштурхоўваў і сам характар яго місіі - правесці поўную рэвізію беларуска-расійскіх адносін і дакладна вызначыцца з далейшым іх фарматам.

Агульны сэнс публічных выступаў Бабіча заключаўся ў тым, што Беларусь, як прывілеяваны саюзнік Расіі, карыстаецца шырокім наборам эканамічных ільгот і прэферэнцый, і было б нядрэнна адплаціць за гэта палітычнай узаемнасцю.

Бабіч актыўна ездзіў па Беларусі, сустракаючыся з мясцовымі ўладамі і кіраўніцтвам беларускіх прадпрыемстваў. Сустракаўся ён і з беларускімі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі, у тым ліку з празаходняга лагера. У сакавіку 2019 года Бабіч правёў прэс-канферэнцыю, прысвечаную пятай гадавіне далучэння Крыма да Расіі, і гэта таксама стала па-свойму беспрэцэдэнтным у практыцы расійскай дыпмісіі ў Беларусі.

Такі стыль расійскага пасла, больш характэрны для заходніх дыпламатаў у постсавецкіх краінах, вельмі не спадабаўся афіцыйнаму Менску. Беларускі МЗС зрабіў у дачыненні да Міхаіла Бабіча цэлы шэраг рэзкіх заяў, і вясной 2019 года ён быў адкліканы з Мінска.

Аднак бурная дзейнасць Бабіча не аказалася марнай - яе вынікам сталі дамоўленасці аб дарожных картах, якія павінны былі вызначыць далейшы алгарытм беларуска-расійскай інтэграцыі.

На змену Міхаілу Бабічу прыйшоў сенатар расійскага Савета Федэрацыі Дзмітрый Мезенцаў, які ўзяў падкрэслена міралюбівы і прыязны тон у дачыненні да афіцыйнага Мінска. Відавочна, гэта мусіла стварыць максімальна спрыяльную атмасферу для працы над дарожнымі картамі.

Спачатку вынікаў гэта не прынесла. Агульны фон беларуска-расійскіх адносін заставаўся канфліктным. Зімой 2020 года ў Мінску прайшлі нешматлікія мітынгі, якія шырока асвятляліся ў СМІ, супраць інтэграцыі з Расіяй. Падчас прэзідэнцкай кампаніі пошук "рукі Крамля" за спіной таго ці іншага кандыдата зрабіўся звычайнай справай. Апафеозам усяго гэтага аказалася «справа вагнераўцаў», якія нібыта прыбылі ў Беларусь для дэстабілізацыі абстаноўкі напярэдадні выбараў.

Жнівень 2020 года азнаменаваўся кардынальным зломам усёй унутры- і знешнепалітычнай парадыгмы Беларусі.

Палітыка шматвектарнасці, якая была асноўнай крыніцай праблем у беларуска-расійскіх адносінах, пацярпела зруйнавальны крах, а асноўныя пагрозы беларускаму рэжыму, як аказалася, зыходзілі зусім не з Масквы.

Другая палова знаходжання Дзмітрыя Мезенцава ў Мінску адзначылася імклівым пацяпленнем беларуска-расійскіх адносін, паколькі расійская падтрымка аказалася, у канчатковым рахунку, адным з ключавых фактараў у вырашэнні беларускага крызісу на карысць Аляксандра Лукашэнкі. Магчыма, мяккі стыль расійскага пасла таксама зрабіў свій унёсак у гэтае збліжэнне.

У сакавіку 2021 года Дзмітрый Мезенцаў пайшоў на пасаду дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы, на пасадзе пасла ў Беларусі яго змяніў Яўген Лук'янаў, які раней быў паслом РФ у Латвіі. Новы пасол практычна ніяк не праяўляў сябе ў публічнай прасторы Беларусі, аднак менавіта пры ім былі нарэшце падпісаныя 28 інтэграцыйных праграм. Гэта дае магчымасць думаць, што асноўнай місіяй пасла была ціхая тэхнічная работа, якая ў выніку была паспяхова завершана.

Чаго чакаць ад Барыса Грызлова?

Прызначэнне Барыса Грызлова паказвае, што ў беларуска-расійскіх адносінах надыходзіць новы этап. У адрозненне ад Яўгена Лук'янава, Грызлоў яўна не мае намеру пазбягаць публічнасці і напярэдадні свайго прыезду ў Мінск даў вялікае інтэрв'ю ТАСС.

Тое, што на пасаду пасла прызначылі публічную фігуру, прычым аднаго з палітычных цяжкавагавікоў, сведчыць аб тым, што зараз у Маскве адносінам з Беларуссю надаюць асаблівую ўвагу.

Мяркуючы па інтэрв'ю Грызлова, асноўным яго прыярытэтам будзе работа над далейшым паглыбленнем беларуска-расійскай інтэграцыі.

Нямала ўвагі новы пасол удзяліў і ваенна-палітычнаму супрацоўніцтву дзвюх краін. Гэта ўскосна ўказвае на тое, што беларуска-расійскія адносіны будуць вызначацца сумесным супрацьстаяннем калектыўнаму Захаду.

Сапраўды, на фоне нагнятанай на Захадзе істэрыі з нагоды нібыта ўтаргнення Расіі на Ўкраіну геапалітычная роля Беларусі істотна ўзрастае. Відавочна, што сапраўднай мэтай усёй гэтай інфармацыйнай кампаніі з'яўляецца ваенная накачка ўсходнееўрапейскага флангу НАТА, а таксама Украіны як асноўнага стратэгічнага плацдарму супраць Расіі.

Беларусь у гэтай сітуацыі як бы з’яўляецца супрацьлеглым адлюстраваннем Украіны, укліньваючыся ў пазіцыі Захаду і выступаючы стратэгічным тылам для калінінградскага анклава.

Ва ўмовах эскалацыі ваенна-палітычнай напружанасці ў рэгіёне дыпламатычнае суправаджэнне беларуска-расійскіх адносін набывае асаблівае значэнне.

Артыкул даступны на іншых мовах: