Культура Культура

Нож у спіну Польшчы ці ўз'яднанне Беларусі: што адбылося 17 верасня 1939 года?

Крыніца малюнка: iarex.ru
 

17 верасня 1939 года савецкія войскі перайшлі мяжу Польшчы і занялі яе ўсходнія ваяводствы. Землі, населеныя пераважна беларусамі і ўкраінцамі, былі ўключаныя ў склад адпаведна Беларускай і Украінскай ССР. Тэрыторыя Беларусі павялічылася больш чым у два разы.Таму падзеі, якія ў Польшчы называюцца чацвёртым падзелам Рэчы Паспалітай, у Беларусі многімі ўспрымаюцца як уз'яднанне беларускага народа.

У савецкі час падзеі восені 1939 года атрымалі найменне Вызвольнага паходу Чырвонай Арміі. У гонар памятнай даты былі названыя вуліцы ў многіх заходнебеларускіх гарадах. Аднак у суверэннай Рэспубліцы Беларусь 17 верасня чырвоным днём календара так і не стала. Больш за тое, вакол гэтай даты кіпяць вострыя спрэчкі і выказваюцца супрацьлеглыя пункты гледжання.

Адмова ўшанаваць дату 17 верасня на дзяржаўным узроўні ў значнай ступені абумоўдена своеасаблівым палітычным рэалізмам - афіцыйны Мінск не жадае чарговы раз злаваць Польшчу, дзе падзеі восені 1939 года ўспрымаюцца вельмі балюча.

Зрэшты, унутры беларускага грамадства таксама няма адзінага меркавання наконт тых падзей.

Дзіўна, але галоўнымі крытыкамі падзей 80-гадовай даўніны з’яўляюцца беларускія нацыяналісты, хоць, здаецца, менавіта яны ў першую чаргу павінны вітаць павялічэнне тэрыторыі сваёй краіны ў два разы.

Не менш дзіўнымі ў кантэксце беларускага нацыяналізму выглядаюць і шматлікія настальгічныя ноткі ў дачыненні да міжваеннай Польшчы, якая ўяўляецца ледзь ці не раем для жыхароў Заходняй Беларусі, у адрозненне ад СССР, які распачаў на далучаных тэрыторыях калектывізацыю і рэпрэсіі.

Такім чынам, беларускія нацыяналісты выглядаюць нават больш вялікімі польскімі патрыётамі, чым польскія гісторыкі, якія вымушаныя прызнаваць, што ў 1939 годзе насельніцтва «Крэсаў Усходніх» (гэта значыць Заходняй Украіны і Беларусі) «не прайшло тэст на лаяльнасць Другой Рэчы Паспалітай», а наступ Чырвонай арміі суправаджаўся масавымі актамі непадпарадкавання і дыверсіямі з боку мясцовага насельніцтва супраць польскіх уладаў.

Прычыны таго, чаму насельніцтва «Крэсаў Усходніх» актыўна дапамагала ў ліквідацыі рэшткаў польскай улады і сустракала савецкія войскі як вызваліцеляў, дастаткова відавочныя.

Міжваенная Польшча, “пачварнае дзецішча Версалю", была вельмі супярэчлівым і нестабільным палітычным утварэннем.

Гэта была шматнацыянальная дзяржава, дзе этнічныя палякі складалі толькі 65% насельніцтва, астатняе прыпадала на ўкраінцаў, беларусаў, яўрэяў і іншыя меншасці, якія жылі пераважна ва ўсходніх ваяводствах, так званых «Крэсах Усходніх».

Тым не менш, нацыянальная палітыка Польшчы грунтавалася на ваяўнічым польскім нацыяналізме і асіміляцыі нацыянальных меншасцяў.
Нацыянальны прыгнёт паглыбляўся сацыяльнымі супярэчнасцямі. «Крэсы Усходнія» заставаліся найбольш беднай і неразвітай часткай Польшчы.

Аснову эканомікі тут складала дробная сялянская гаспадарка, прамысловасць была слабая і неразвітая. На фоне аграрнага перанасялення, якое пагаршалася неэфектыўнасцю і тэхнічнай неаснашчанасцю сельскай гаспадаркі, польскія ўлады праводзілі палітыку «асадніцтва», гэта значыць перасялення на ўсходнія тэрыторыі каланістаў з унутранай Польшчы. Відавочна, такім чынам у Варшаве разлічвалі стварыць сабе ўстойлівую падтрымку на «крэсах» і паскорыць працэс іх асіміляцыі.

Аднак рост дэмаграфічнай нагрузкі на рэгіён выклікаў толькі паглыбленне сацыяльных і нацыянальных супярэчнасцяў. Так, у 1932-1933 гадах у Польшчы здарыўся сапраўдны голад.

Таму нянавісць да палякаў, якія літаральна забіралі ў мясцовага насельніцтва апошні кавалак хлеба, была цалкам зразумелай, а далучэнне да СССР ўспрымалася як вызваленне ад нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту.

Іншая справа, што далучэнне Заходняй Беларусі і Украіны да СССР таксама было балючым і супярэчлівым працэсам, а спадзяванні мясцовага насельніцтва і савецкая рэчаіснасць моцна разышліся. З цягам часу гэта стварыла нямала праблем ужо для савецкай улады і прывяло да пад’ёму русафобскага нацыяналізму на далучаных тэрыторыях.

Нягледзячы на тое, што насельніцтва Заходняй Беларусі і Украіны вельмі актыўна падтрымлівала камуністаў, яго спадзяванні былі вельмі далёкія ад камуністычнай утопіі.

Уласна кажучы, беларускія і ўкраінскія сяляне хацелі звычайнага «чорнага перадзелу», гэта значыць ліквідацыі «панскага» землеўладання і размеркавання зямлі паміж сабой.

Падобнымі спадзяваннямі была абумоўленая падтрымка бальшавікоў і з боку расійскага сялянства ў гады грамадзянскай вайны. Аднак у доўгатэрміновай перспектыве гэта супярэчыла планам савецкай улады, бо дробная сялянская гаспадарка была дрэннай падставай для індустрыялізацыі, якая, у сваю чаргу, меркавалася асновай прагрэсіўнага сацыялістычнага грамадства.

У СССР праблема была вырашана жорсткімі метадамі прымусовай калектывізацыі і разгрому «сельскай буржуазіі» - кулацтва. Аналагічная кампанія была разгорнутая і ў заходніх абласцях БССР і УССР, у асноўным у пасляваенны перыяд.

Іншым вельмі непрыемным для мясцовага насельніцтва наступствам усталявання савецкай улады сталі шматлікія «чысткі» тых, каго гэтая ўлада лічыла ворагамі. Пад махавік рэпрэсій трапілі былыя польскія чыноўнікі і вайскоўцы, «кулакі», святары, а таксама даволі шматлікія прадстаўнікі белай эміграцыі, якія аселі ў Польшчы.

Акрамя таго, чысткам падвергліся і мясцовыя камуністы, якія найбольш актыўна віталі савецкую ўладу і ўсяляк дапамагалі далучэнню да СССР.

Вынікі гэтай палітыкі абярнуліся рэзкім усплёскам антысавецкіх настрояў, у першую чаргу, на Заходняй Украіне, дзе напярэдадні 1939 года існаваў баланс паміж мясцовымі нацыяналістамі і камуністамі. Неўзабаве пасля далучэння да СССР гэты баланс пачаў змяняцца на карысць нацыяналістаў, што ў хуткім часе абумовіла росквіт так званай “бандэраўшчыны”.

Больш за тое, калі першапачаткова заходнеўкраінскі нацыяналізм насіў пераважна антыпольскі характар, то пазней ён павярнуўся супраць СССР і Расіі.

У Заходняй Беларусі склалася іншая сітуацыя. Беларускі нацыянальны рух, першапачаткова больш слабы і менш арганізаваны, чым украінскі, практычна цалкам знаходзіўся пад кантролем Камуністычнай партыі. Таму рост незадаволенасці не перайшоў тут у арганізаваны ўзброены супраціў.

Акрамя таго Заходняя Беларусь не мела ўласных гарадскіх цэнтраў, падобных на Львоў, таму ў межах БССР яна апынулася замкнёная на Мінск і дала значны дэмаграфічны рэсурс для росту насельніцтва беларускай сталіцы.

Такім чынам, адсутнасць моцнага нацыяналістычнага падполля і больш інтэнсіўнае «перамешванне» насельніцтва Заходняй і Усходняй Беларусі забяспечылі яго значна больш глыбокую інтэграцыю ў межах рэспублікі.

У выніку Беларуская ССР і яе гістарычная пераемніца, Рэспубліка Беларусь, апынуліся куды больш стабільнымі палітычнымі ўтварэннямі, чым Украіна.

Артыкул даступны на іншых мовах:
Абмеркаванне ()