Палітыка Палітыка

Навошта амерыканцам патрэбныя танкі на мяжы з Беларуссю

Крыніца малюнка: provse.today
 

Гэтай восенню адзначаны імклівы рост ваенна-палітычнай актыўнасці НАТА ў Балтыйскім рэгіёне, у непасрэднай блізкасці ад межаў Беларусі. Так, у Літве праходзяць вучэнні «Жалезны воўк», якія, аднак, можна лічыць толькі прэлюдыяй да маштабных вучэнняў Defender-Europe 2020, якія адбудуцца вясной наступнага года. Акрамя таго, амерыканцы размясцілі гарнізон з 500 вайскоўцаў, абсталяваны 30 танкамі «Абрамс» і 25 БМП «Брэдлі» на палігоне Пабрадэ ў непасрэднай блізкасці ад межаў з Беларуссю. Якія наступстваы можа мець гэтая мілітарызацыя?

Афіцыйны Мінск адрэагаваў на размяшчэнне амерыканскай бронетэхнікі ў непасрэднай блізкасці ад сваіх рубяжоў досыць нервова, а беларускі прэзідэнт прыгразіў «асіметрычным адказам». На фоне адлігі ў беларуска-амерыканскіх адносінах і анансаванага вяртання амерыканскага амбасадара ў Мінск такая рыторыка прагучала вельмі нечакана. Зрэшты, эфект ад гэтых жорсткіх выказванняў быў паспешліва згладжаны падчас сустрэчы дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі Станіслава Зася з часовым павераным у справах ЗША ў Мінску Джэніфер Мур.

Падчас размовы беларускі бок выказаў поўную задаволенасць тлумачэннямі, дадзенымі прадстаўніком Вашынгтона з нагоды мэтаў і тэрмінаў размяшчэння амерыканскага гарнізона на палігоне Пабрадэ.

Актыўнасць НАТА ў Прыбалтыцы не з'яўляецца чымсці новым і нечаканым. Доўгі час пашырэнне Альянсу на Усход, уключаючы краіны Балтыі, мела хутчэй сімвалічны характар і не суправаджалася сістэмным ваенным будаўніцтвам у рэгіёне. Гэта было абумоўлена агульнай атмасферай разрадкі пасля завяршэння халоднай вайны, калі «пагроза з Усходу» страціла сваё значэнне, а сам сэнс існавання НАТА як ваеннага альянсу апынуўся пад пытаннем.

У гэтым сэнсе падзеі на Украіне ў 2014 годзе і далучэнне Крыма да Расіі сталі сапраўдным падарункам для Паўночнаатлантычнага блока, надаўшы яму другое дыханне.

Тэма «пагрозы з Усходу» пачала раскручвацца з падвоенай сілай. Дарэчы, асноўным напрамкам прапагандысцкіх намаганняў стала зусім не Украіна, якая не з'яўляецца членам НАТА і куды Альянс цяпер ужо наўрад ці зойдзе, разумеючы рызыкі рэальнага геапалітычнага сутыкнення з Расіяй. Куды больш зручным аб'ектам апынуліся Прыбалтыйскія дзяржавы з іх антырасійскімі фобіямі і страхамі перад «расійскай акупацыяй». Гэтыя краіны ўваходзяць у НАТО, а значыць, Альянс мае поўнае права разгортваць тут дадатковую ваенную інфраструктуру.

Зразумела, што ніякай рэальнай «расійскай пагрозы» для краін Балтыі не існуе, калі не мець на ўвазе палітыку Масквы, накіраваную на мінімізацыю любых узаемадзеянняў з гэтымі дзяржавамі.

Разам з тым мілітарызацыя Прыбалтыкі сапраўды можа лічыцца свайго роду асіметрычным адказам Захаду на «крымскую вясну», бо фарміраванне тут хоць трохі значнага ваеннага кулака ставіць пад удар ўвесь паўночны захад еўрапейскай часткі РФ і стварае дадатковыя рызыкі і пагрозы для Калінінградскага эксклава.

Мілітарызацыя Прыбалтыкі азначае канчатковае геапалітычнае замацаванне Захаду на новых рубяжах, нашмат менш выгадных для Расіі ў параўнанні з часамі халоднай вайны.

Яшчэ адной мішэнню ўсіх гэтых манеўраў у Прыбалтыцы становіцца ваенна-палітычны саюз Расіі і Беларусі, які і без таго перажывае не лепшыя свае часы. Уласна, менавіта падзеі вакол Крыму і Данбасу канчаткова выявілі той крызіс, у якім апынулася беларуска-расійская дружба.

Дыстанцыяванне афіцыйнага Мінска ад падтрымкі расійскага знешнепалітычнага курсу, адмова Беларусі ад размяшчэння расійскай авіябазы, якое абмяркоўвалася ў 2015 годзе (хоць пасля бакі заяўлялі, што падобных перамоваў зусім не было), а таксама акцэнтаванне нейтралітэту і знешнепалітычнай шматвектарнасці відавочна прадэманстравалі, што агульнага пазіцыянавання на міжнароднай арэне ў Мінска і Масквы, па сутнасці, няма.

Нягледзячы на тое што Масква устрымліваецца ад адкрытага «прымусу да саюзніцтва», непадатлівасць у пытаннях кампенсацыі за «падатковы манеўр» і цэн на энерганосьбіты выглядае як асіметрычны адказ Расіі на знешнюю палітыку Беларусі.

Не ўсё паспяхова і ў галіне ваеннага супрацоўніцтва. У прыватнасці, актывізацыя беларуска-кітайскай кааперацыі ў сферы ўзбраенняў нярэдка тлумачыцца ў Мінску тым, што Расія адмаўляецца пастаўляць беларускай арміі свае ўзбраення. Са свайго боку, у расійскіх экспертных колах распаўсюджана меркаванне аб непажаданасці паставак у Беларусь найноўшых расійскіх узбраенняў па прычыне верагоднай несанкцыянаванай уцечкі тэхналогій расійскага ВПК да кітайцаў.

Усе гэтыя беларуска-расійскія супярэчнасці і рост узаемнага недаверу відавочныя і «заходнім партнёрам», якім далейшае расхістванне беларуска-расійскага саюза, безумоўна, толькі на руку.

Заходнія эксперты прызнаюць, што з іх пункту гледжання ваенна-палітычны саюз Расіі і Беларусі з'яўляецца хутчэй фармальнасцю, чым рэальнасцю, і імкнуцца да далейшага нарошчвання ўзаемнага адчужэння паміж Масквой і Мінскам.

Паказальны нядаўні даклад Глена Ховарда, у якім той параўноўвае Беларусь з Югаславіяй часоў Ціта, сварка якой са сталінскім СССР істотна аслабіла пазіцыі сацыялістычнага блока і дапамагла Захаду. У гэтым жа кантэксце раскручваецца і тэма нібыта пагрозы для беларускага суверэнітэту з боку Расіі, пры гэтым сцвярджаецца, што толькі Захад можа выступіць сапраўдным гарантам захавання беларускай незалежнасці.

Наўрад ці ўся гэтая інфармацыйная кампанія ставіць сваёй мэтай поўнамаштабны разварот Беларусі на Захад.

Улічваючы масу супярэчнасцяў як унутры ЕС, так і ў амерыкана-еўрапейскіх адносінах, Захад сёння не гатовы да новай сур'ёзнай эскалацыі адносінаў з Расіяй, якая немінуча надыдзе пасля гіпатэтычнай «пераарыентацыі» Беларусі.

Заходнія стратэгі хутчэй імкнуцца да пошуку «новай нармальнасці» ў геапалітычным балансе з Расіяй. І контуры такой нармальнасці ўжо ў цэлым праглядаюцца. У якасці процівагі двум расійскім мілітарызаваным эксклавам ў Крыме і Калінінградскай вобласці НАТА выстаўляе свой «кулак» у Прыбалтыцы і Польшчы. Адначасова дзеля пазбягання франтальнага сутыкнення паміж Расіяй і НАТА ствараецца буферны пояс з памежных рэспублік былога СССР. Дэ-факта часткай гэтага пояса ўжо сталі постмайданная Украіна і Малдова.

Захад хацеў бы бачыць у складзе гэтага Вялікага Лімітрофа і Беларусь, аднак захаванне Мінска ў складзе еўразійскіх інтэграцыйных структур і Саюзнай дзяржавы гэтым планам відавочна перашкаджае.

Артыкул даступны на іншых мовах:
Абмеркаванне ()