Палітыка Палітыка

Лукашэнка незадаволены Масквой: тры сцэнары развіцця адносінаў Расіі і Беларусі

Крыніца малюнка: politrada.com
 

Інфармацыйны фон беларуска-расійскіх адносін напачатку гэтага года застаецца вельмі напружаным. Становіцца відавочна, што ўдзельнікі Саюзнай дзяржавы падышлі да неабходнасці стратэгічнага выбару мадэлі далейшага развіцця двухбаковых адносін. Аналітычны партал RuBaltic.Ru разгледзеў тры сцэнары развіцця адносін Беларусі і Расіі ў новым годзе.

Відавочна, што негатыўны інфармацыйны фон беларуска-расійскіх адносін - гэта вынік таго, што перамовы аб кампенсацыі бюджэтных стратаў для Беларусі з прычыны падатковага манеўру ў расійскай нафтавай галіне не прынеслі якіх-небудзь ясных вынікаў. Пры гэтым у Беларусі значана больш абмяркоўвалi тэму не саміх фінансавых супярэчнасцей з Расіяй, а тое, як эканамічныя ўзаемаадносіны дзвюх краін будуць спалучацца з перспектывамі палітычнай інтэграцыі.

Падставай для гэтага паслужыў шэраг выказванняў расійскіх афіцыйных асоб, у тым ліку прэм'ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева, зробленых у канцы мінулага года. Уласна кажучы, менавіта Мядзведзеў акрэсліў два асноўных сцэнара, у рамках якіх могуць развівацца адносіны Беларусі і Расіі ў найбліжэйшай будучыні: кансерватыўны, калi ўсё застаецца прыкладна так, як яно ёсць цяпер, альбо паглыбленая палітычная і эканамічная інтэграцыя ў межах Саюзнай дзяржавы з стварэннем наднацыянальных органаў, увядзеннем агульнай валюты, агульнай мытнай i візавай прасторы і агульнай знешняй палітыкай.

Аднак расійскі прэм'ер не згадаў яшчэ адзін сцэнар, які абмяркоўваецца даволі часта, асабліва ў апошні час: гэта «сыход» Беларусі на Захад і дэмантаж існуючых інтэграцыйных дамоўленасцей.

Сцэнар 1. «Сыход» Беларусі на Захад

Спекуляцыі на гэтую тэму не спыняюцца з 2014 года, калі сталі відавочныя знешнепалітычныя разыходжанні паміж Масквой і Мiнскам. У кантэксце апошніх падзей паліва ў агонь падліла даволі рэзкая рэакцыя беларускага боку наконт расiйскай прапановы аб паглыбленай інтэграцыі i акцэнтаванне тэмы беларускага суверэнітэту як няўхільнай каштоўнасці.

Узмацненне дыпламатычных кантактаў памiж Мінскам і ЗША і актыўная інфармацыйная кампанія ў заходніх СМІ ў падтрымку беларускага суверэнітэту і супраць «імперыялістычных замахаў» Расiі могуць сведчыць аб тым, што сцэнар «сыходу на Захад» не такі ўжо нерэалістычны. Аднак нельга забываць, што магчымасці манеўру на заходнім напрамку для Беларусі па-ранейшаму вельмі абмежаваныя: там, як і раней, успрымаюць палітычную сістэму рэспублікі як «аўтарытарную» і не адпаведную заходнім стандартам дэмакратыі і правоў чалавека.

Паказальны ў гэтай сувязі добра вядомы ў рускамоўным інтэрнэце артыкул Ганны Эпплбаум у The Washington Post, дзе яна называе беларускага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнка не інакш як «дыктатарам».

Акрамя таго, беларуская дзяржаўнасць парэбна Захаду не сама па сабе, а толькі як процівага Расіі. Ніякай пазітыўнай праграмы, здольнай кампенсаваць разрыў сувязяў з Масквой, ні ЕС, ні ЗША прапанаваць Беларусі не здольныя.

«Паварот на Захад» будзе азначаць для Беларусі маштабную дэстабілізацыю сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сістэм, і гэтага не могуць не разумець у Мінску. Таму гіпатэтычны разварот магчымы хіба што ў выпадку рэвалюцыйнага сцэнара на манер ўкраінскага майдана, які, аднак, у агляднай перспектыве ў Беларусі ніяк не праглядаецца.

Сцэнар 2. Паглыбленая палітычная і эканамічная інтэграцыя ў межах Саюзнай дзяржавы

Што тычыцца «пазітыўнага» сцэнара паглыбленай інтэграцыі, то і ён уяўляецца ў бліжэйшай перспектыве малаверагодным. І справа не столькі ў так званым падатковым манеўры, які з'яўляецца толькі знешняй праявай фундаментальных, структурных супярэчнасцяў паміж Беларуссю і Расіяй наконт самога фармату інтэграцыі. Для беларускага боку прынцыпова важна захаванне суверэнітэту і раўнапраўя бакоў у рамках інтэграцыі.

Не супраць гэтага прынцыпу і Расія. Замацаваны ён і ў Дагаворы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Аднак агульнага разумення гэтага самага раўнапраўя, відавочна, няма. І галоўнай праблемай тут з'яўляецца крайняя нераўназначнасць суб'ектаў інтэграцыі.

Прынцып фармальнай роўнасці пры аб'ектыўнай няроўнасці патэнцыялаў дзяржаў-удзельнікаў - міна пад любым праектам міждзяржаўнай інтэграцыі.

Уласна кажучы, застаецца адкрытым пытанне: ці магчыма ў прынцыпе сапраўды раўнапраўнае аб'яднанне аб'ектыўна нераўнаважных дзяржаў альбо суверэнітэт "малых" удзельнікаў інтэграцыі будзе непазбежна размывацца у карысць больш моцных?

Раней у якасці паспяховага прыкладу вырашэння гэтай дылемы прыводзілі ЕС, але сёння відавочна, што і ён не знайшоў здавальняючай формулы, як аб'яднаць на роўных аб'ектыўна няроўныя дзяржавы. Сёння ЕС апынуўся перад тым жа выбарам, што Расія і Беларусь: альбо паглыбленне інтэграцыі з непазбежнымі «ахвярамі» суверэнітэту, альбо стагнацыя ці нават адкат інтэграцыйных працэсаў.

Сцэнар 3. Захаванне наяўных адносін паміж Расіяй і Беларуссю

У тых абставiнах, якiя склалiся на сённяшні момант, кансерватыўны сцэнар беларуска-расійскіх адносін уяўляецца найбольш рэальнай перспектывай. Аднак гэта не азначае аўтаматычнага захавання статус-кво, які не задавальняе, здаецца, усіх.

Так, у Беларусі ў чарговы раз заклапаціліся зніжэннем эканамічнай залежнасці ад Расіі, у тым ліку ў сферы нафтавых паставак. Гэтая тэма ўзнікае кожны раз, калі ў двухбаковых адносінах з'яўляюцца нейкія цяжкасці.

Аднак пры гэтым забываюць, што Расiя таксама праводзіць мерапрыемствы па зніжэнні сваёй залежнасці ад Беларусі і іншых еўразійскіх партнёраў.

На беларускім напрамку гэта перш за ўсё зніжэнне залежнасці ад нафтагазавага транзіту, а таксама ад беларускіх вытворцаў у сферы ВПК (колавыя цягачы для расійскіх ракетных комплексаў) або сельскай гаспадарцы.

Усё гэта зусім не азначае адмовы ад інтэграцыі. Аднак у яе рамках бакі будуць зыходзіць выключна з уласнага, даволі вузкага разумення нацыянальных інтарэсаў, а таксама імкнуцца стварыць «падушку бяспекі» ў выглядзе альтэрнатыўных палітыка-эканамічных сувязяў на выпадак крызісу з партнёрамі па інтэграцыі. Безумоўна, усё гэта ператварае беларуска-расійскую інтэграцыю ў вельмі праблемны і турбулентны працэс.

Артыкул даступны на іншых мовах: