Палітыка Палітыка

Розныя падыходы да інтэграцыі: як растлумачыць словы Лукашэнкі пра стасункі з Расіяй

Крыніца малюнка: if24.ru
 

Першая дэкада сакавіка адзначылася шэрагам гучных выступаў Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях беларуска-расійскіх адносін. Першыя заявы прагучалі ў рамках «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» 1 сакавіка, а далейшае развіццё гэтая тэма атрымала 5 сакавіка ў ходзе нарады па пытаннях удзелу Беларусі ў інтэграцыйных структурах. З гэтых заяваў Лукашэнкі бачна, што Беларусь і Расія прынцыпова па-рознаму бачаць інтэграцыю адзін з адным.

Сэнс і танальнасць выказванняў беларускага лідара недвухсэнсоўна паказваюць на тое, што прынцыповых дамоўленасцей па пытаннях інтэграцыі з Расіяй дасягнуць так і не ўдалося. Уласна, гэта было зразумела і пасля таго, як па выніках трохдзённага перамоўнага марафону з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў лютым бакі ўхіліліся ад агучвання якіх-небудзь выразных вынікаў. Такім чынам, перыяд нявызначанасці і рознагалоссяў у беларуска-расійскіх адносінах працягваецца.  

Каментары Лукашэнкі ў чарговы раз пацвердзілі, што каменем перапоны для будаўніцтва Саюзнай дзяржавы застаецца пытанне аб захаванні прынцыпу фармальнай роўнасці паміж удзельнікамі саюза і размежаванні ўладных паўнамоцтваў у наднацыянальных структурах.

Улічваючы розніцу ў маштабах і патэнцыялах дзвюх краін, беларускі кіруючы клас хоча засцерагчы сябе ад рызыкі фактычнага паглынання і растварэння беларускай суб'ектнасці ў рамках саюза пад эгідай Расіі.
У прыватнасці, лёс адзінай валюты (якая, згодна з Дагаворам аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, павінна была з'явіцца яшчэ ў 2005 годзе), упіраецца ў пытанне аб стварэнні адзінага эмісійнага цэнтра, пры гэтым беларускі бок хацеў бы мець паўнапраўны доступ да распрацоўкі фінансавай палітыкі ў Саюзнай дзяржаве.

Аднак з пункту гледжання Расіі, гэта будзе азначаць фактычную перадачу беларускаму боку частцы кантролю над расійскай эканомікай, якая складае пераважную долю эканомікі Саюзнай дзяржавы. Менавіта таму расійскаму боку бліжэй падыход, у адпаведнасці з якім сістэма прыняцця рашэнняў у Саюзнай дзяржаве павінна ўлічваць рэальныя суадносіны патэнцыялаў удзельнікаў саюза.

Аднак гэта не задавальняе беларускі бок. Каментары Лукашэнкі сведчаць аб тым, што дасягнуць кампрамісу ў гэтым пытанні так і не атрымалася.

«Вялікая размова з Прэзідэнтам» / Фота: Sputnik Беларусь«Вялікая размова з Прэзідэнтам» / Фота: Sputnik Беларусь

Лукашэнка таксама выказвае незадаволенасць функцыянаваннем Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) і звяртае ўвагу на шматлікія выключэнні і абмежаванні ў рамках агульнага рынку і адсутнасць роўных умоў для гаспадарчых суб'ектаў краін-удзельніц. У выпадку беларуска-расійскіх адносін гаворка ідзе, у першую чаргу, аб адсутнасці адзінага рынку нафты і газу, што і стала адной з галоўных перадумоў для спрэчкі вакол падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расіі.

ЕАЭС планаваўся як больш шырокі, хоць і менш глыбокі ў параўнанні з Саюзнай дзяржавай праект.

Эканамічны саюз без строгіх палітычных абавязацельстваў у кантэксце беларуска-расійскіх адносін выглядаў куды больш рэалістычным кампрамісам на фоне прабуксоўкі Саюзнай дзяржавы.
Сення здаецца, што адсутнасць палітычнай надбудовы ў выніку апынулася ахілесавай пятай ЕАЭС.

Уласна, адной з прычын шматлікіх выключэнняў і абмежаванняў з’яўляецца тое, што краіны-ўдзельніцы Саюза не жадаюць ахвяраваць свабодай манеўру ў значных для сябе галінах, у тым ліку ў адносінах са знешнімі для ЕАЭС гульцамі.

Палітычна «мяккі» характар ЕАЭС быў шмат у чым абумоўлены тым, што ён першапачаткова планаваўся як інструмент спалучэння еўрапейскай і еўразійскай прастораў. Аднак украінскі крызіс прадэманстраваў нязбытнасць гэтых чаканняў. Вайна санкцый, развязаная ЕС супраць Расіі, у спалучэнні з разнастайнымі двухбаковымі ініцыятывамі ЕС з іншымі ўдзельнікамі ЕАЭС, якія слаба спалучаюцца з абавязальніцтвамі ў межах еўразійскай інтэграцыі, робяць перспектывы паўнавартаснага эканамічнага саюза ўсё менш відавочнымі.

Неадназначнай з’яўляецца і роля кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях», якая, хоць і падтрымліваецца ўсімі ўдзельнікамі ЕАЭС, таксама можа паспрыяць размыванню саюза.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін / Фота: Газета.РуПрэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін / Фота: Газета.Ру

Адсутнасць узаемных палітычных абавязацельстваў заканамерна вядзе да таго, што кожны ўдзельнік ЕАЭС кіруецца пераважна сваімі нацыянальнымі інтарэсамі, якія нярэдка супярэчаць інтарэсам іншых удзельнікаў. А гэта, у сваю чаргу, зніжае матывацыю адмаўляцца ад выключэнняў і абмежаванняў у рамках агульнага рынку.

Для Расіі ва ўмовах канфрантацыі з Захадам адсутнасць адчувальнай падтрымкі з боку іншых удзельнікаў ЕАЭС, якія максімальна дыстанцыяваліся ад гэтага супрацьстаяння, паставіла пад сумнеў мэтазгоднасць паглыблення эканамічнай інтэграцыі ў адсутнасці палітычных абавязацельстваў.

І калі ў адносінах з Арменіяй ці Казахстанам Масква не мае інструментаў па прасоўванні ідэі паглыбленай палітычнай інтэграцыі па-за рамак ЕАЭС, то ў адносінах з Беларуссю такі інструмент існуе — гэта Саюзная дзяржава.

Здаецца, менавіта гэтым і можна растлумачыць спробу змясціць інтэграцыйны фокус беларуска-расійскіх адносін з ЕАЭС на СД і звязаць эканамічную інтэграцыю з выкананнем палітычных пунктаў Саюзнага дагавора. Для Мінска гэта, відавочна, стала нечаканасцю. Улічваючы фундаментальную супярэчнасць паміж прынцыпам фармальнай роўнасці і фактычнай розніцай маштабаў Беларусі і Расіі, далей размова аб будучыні Саюзнай дзяржавы заканамерна ўпёрлася ў чарговы тупік.

Такім чынам, на сённяшні дзень Масква і Мінск прытрымліваюцца двух розных падыходаў да інтэграцыі.

Фота: sochi-express.ruФота: sochi-express.ru

Мінску бліжэй «еўразійская» мадэль, якая робіць акцэнт на эканоміцы і разглядае палітычную інтэграцыю як надбудову, вытворную ад эканамічных працэсаў. У Маскве, наадварот, бачаць працэсы палітычнай і эканамічнай інтэграцыі як узаемазвязаныя і ўзаемаабумоўленыя.

У той жа нафтавай спрэчцы Мінск апелюе да прынцыпу эканамічнага раўнапраўя для гаспадарчых суб'ектаў дзвюх краін і лічыць, што падатковы манеўр паставіць беларускіх вытворцаў у горшыя канкурэнтныя ўмовы ў параўнанні з расійскімі. У Расіі ў магчымай кампенсацыі за падатковы манеўр бачаць палітычна матываваную субсідыю для беларускай эканомікі, і паказваюць, што гаворка ідзе не толькі пра кошт энерганосьбітаў для беларускіх суб'ектаў гаспадарання, якія працуюць на рынку ЕАЭС або СД, але і пра аб'ёмы нафты, якія перапрацоўваюцца на беларускіх НПЗ для далейшага рээкспарту па-за межы агульнай мытнай тэрыторыі.

На фоне гэтых спрэчак і ўзаемнай незадаволенасці Мінск і Масква зноў дэманструюць гатоўнасць знізіць залежнасць адзін ад аднаго. Так, прэзідэнт Беларусі з задавальненнем канстатаваў, што знешні гандаль выйшаў на формулу 30-30-30, дзе доля Расіі, ЕС і так званых краін «далёкай дугі» (па сутнасці — Кітая) складае ў знешнегандлёвым балансе рэспублікі па 30% адпаведна.

Аднак, адзін з каардынатараў экспертнай платформы «Мінскі дыялог» Яўген Прэйгерман у гэтай сувязі адзначае, што доля ЕС у знешнегандлёвым абароце Беларусі забяспечваецца ў асноўным за кошт нафтапрадуктаў з расійскай сыравіны, у той час як для беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі шлях на рынак ЕС зачынены.

На гэтым фоне прыходзяць паведамленні аб пастаноўцы на забеспячэнне Узброеных сіл Расіі ракетнага шасі «Платформа-О», якое з'яўляецца прамым канкурэнтам прадукцыі Мінскага завода колавых цягачоў, які да гэтага дня з’яўляўся манапалістам у гэтай галіне на расійскім рынку. Аднак ваенныя эксперты прызнаюць, што якасць расійскага аналага пакуль не дацягвае да прадукцыі беларускай вытворчасці.

Драматызаваць тое, што адбываецца ў беларуска-расійскіх адносінах, не варта. Нягледзячы на перыядычныя эмацыйныя выказванні і дыпламатычныя пікіроўкі, беларуска-расійскія адносіны не выходзяць за рамкі інэрцыйнага сцэнара. Бакі не гатовыя да якаснага паглыблення інтэграцыі, але і біць талеркі ў адносінах адзін з адным не збіраюцца.

Артыкул даступны на іншых мовах: