Першая дэкада сакавіка адзначылася шэрагам гучных выступаў Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях беларуска-расійскіх адносін. Першыя заявы прагучалі ў рамках «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» 1 сакавіка, а далейшае развіццё гэтая тэма атрымала 5 сакавіка ў ходзе нарады па пытаннях удзелу Беларусі ў інтэграцыйных структурах. З гэтых заяваў Лукашэнкі бачна, што Беларусь і Расія прынцыпова па-рознаму бачаць інтэграцыю адзін з адным.
Сэнс і танальнасць выказванняў беларускага лідара недвухсэнсоўна паказваюць на тое, што прынцыповых дамоўленасцей па пытаннях інтэграцыі з Расіяй дасягнуць так і не ўдалося. Уласна, гэта было зразумела і пасля таго, як па выніках трохдзённага перамоўнага марафону з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў лютым бакі ўхіліліся ад агучвання якіх-небудзь выразных вынікаў. Такім чынам, перыяд нявызначанасці і рознагалоссяў у беларуска-расійскіх адносінах працягваецца.
Каментары Лукашэнкі ў чарговы раз пацвердзілі, што каменем перапоны для будаўніцтва Саюзнай дзяржавы застаецца пытанне аб захаванні прынцыпу фармальнай роўнасці паміж удзельнікамі саюза і размежаванні ўладных паўнамоцтваў у наднацыянальных структурах.
Улічваючы розніцу ў маштабах і патэнцыялах дзвюх краін, беларускі кіруючы клас хоча засцерагчы сябе ад рызыкі фактычнага паглынання і растварэння беларускай суб'ектнасці ў рамках саюза пад эгідай Расіі.
У прыватнасці, лёс адзінай валюты (якая, згодна з Дагаворам аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, павінна была з'явіцца яшчэ ў 2005 годзе), упіраецца ў пытанне аб стварэнні адзінага эмісійнага цэнтра, пры гэтым беларускі бок хацеў бы мець паўнапраўны доступ да распрацоўкі фінансавай палітыкі ў Саюзнай дзяржаве.
Аднак з пункту гледжання Расіі, гэта будзе азначаць фактычную перадачу беларускаму боку частцы кантролю над расійскай эканомікай, якая складае пераважную долю эканомікі Саюзнай дзяржавы. Менавіта таму расійскаму боку бліжэй падыход, у адпаведнасці з якім сістэма прыняцця рашэнняў у Саюзнай дзяржаве павінна ўлічваць рэальныя суадносіны патэнцыялаў удзельнікаў саюза.
Аднак гэта не задавальняе беларускі бок. Каментары Лукашэнкі сведчаць аб тым, што дасягнуць кампрамісу ў гэтым пытанні так і не атрымалася.
Лукашэнка таксама выказвае незадаволенасць функцыянаваннем Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) і звяртае ўвагу на шматлікія выключэнні і абмежаванні ў рамках агульнага рынку і адсутнасць роўных умоў для гаспадарчых суб'ектаў краін-удзельніц. У выпадку беларуска-расійскіх адносін гаворка ідзе, у першую чаргу, аб адсутнасці адзінага рынку нафты і газу, што і стала адной з галоўных перадумоў для спрэчкі вакол падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расіі.
ЕАЭС планаваўся як больш шырокі, хоць і менш глыбокі ў параўнанні з Саюзнай дзяржавай праект.
Сення здаецца, што адсутнасць палітычнай надбудовы ў выніку апынулася ахілесавай пятай ЕАЭС.
Уласна, адной з прычын шматлікіх выключэнняў і абмежаванняў з’яўляецца тое, што краіны-ўдзельніцы Саюза не жадаюць ахвяраваць свабодай манеўру ў значных для сябе галінах, у тым ліку ў адносінах са знешнімі для ЕАЭС гульцамі.
Палітычна «мяккі» характар ЕАЭС быў шмат у чым абумоўлены тым, што ён першапачаткова планаваўся як інструмент спалучэння еўрапейскай і еўразійскай прастораў. Аднак украінскі крызіс прадэманстраваў нязбытнасць гэтых чаканняў. Вайна санкцый, развязаная ЕС супраць Расіі, у спалучэнні з разнастайнымі двухбаковымі ініцыятывамі ЕС з іншымі ўдзельнікамі ЕАЭС, якія слаба спалучаюцца з абавязальніцтвамі ў межах еўразійскай інтэграцыі, робяць перспектывы паўнавартаснага эканамічнага саюза ўсё менш відавочнымі.
Неадназначнай з’яўляецца і роля кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях», якая, хоць і падтрымліваецца ўсімі ўдзельнікамі ЕАЭС, таксама можа паспрыяць размыванню саюза.
Адсутнасць узаемных палітычных абавязацельстваў заканамерна вядзе да таго, што кожны ўдзельнік ЕАЭС кіруецца пераважна сваімі нацыянальнымі інтарэсамі, якія нярэдка супярэчаць інтарэсам іншых удзельнікаў. А гэта, у сваю чаргу, зніжае матывацыю адмаўляцца ад выключэнняў і абмежаванняў у рамках агульнага рынку.
Для Расіі ва ўмовах канфрантацыі з Захадам адсутнасць адчувальнай падтрымкі з боку іншых удзельнікаў ЕАЭС, якія максімальна дыстанцыяваліся ад гэтага супрацьстаяння, паставіла пад сумнеў мэтазгоднасць паглыблення эканамічнай інтэграцыі ў адсутнасці палітычных абавязацельстваў.
І калі ў адносінах з Арменіяй ці Казахстанам Масква не мае інструментаў па прасоўванні ідэі паглыбленай палітычнай інтэграцыі па-за рамак ЕАЭС, то ў адносінах з Беларуссю такі інструмент існуе — гэта Саюзная дзяржава.
Здаецца, менавіта гэтым і можна растлумачыць спробу змясціць інтэграцыйны фокус беларуска-расійскіх адносін з ЕАЭС на СД і звязаць эканамічную інтэграцыю з выкананнем палітычных пунктаў Саюзнага дагавора. Для Мінска гэта, відавочна, стала нечаканасцю. Улічваючы фундаментальную супярэчнасць паміж прынцыпам фармальнай роўнасці і фактычнай розніцай маштабаў Беларусі і Расіі, далей размова аб будучыні Саюзнай дзяржавы заканамерна ўпёрлася ў чарговы тупік.
Такім чынам, на сённяшні дзень Масква і Мінск прытрымліваюцца двух розных падыходаў да інтэграцыі.
Мінску бліжэй «еўразійская» мадэль, якая робіць акцэнт на эканоміцы і разглядае палітычную інтэграцыю як надбудову, вытворную ад эканамічных працэсаў. У Маскве, наадварот, бачаць працэсы палітычнай і эканамічнай інтэграцыі як узаемазвязаныя і ўзаемаабумоўленыя.
У той жа нафтавай спрэчцы Мінск апелюе да прынцыпу эканамічнага раўнапраўя для гаспадарчых суб'ектаў дзвюх краін і лічыць, што падатковы манеўр паставіць беларускіх вытворцаў у горшыя канкурэнтныя ўмовы ў параўнанні з расійскімі. У Расіі ў магчымай кампенсацыі за падатковы манеўр бачаць палітычна матываваную субсідыю для беларускай эканомікі, і паказваюць, што гаворка ідзе не толькі пра кошт энерганосьбітаў для беларускіх суб'ектаў гаспадарання, якія працуюць на рынку ЕАЭС або СД, але і пра аб'ёмы нафты, якія перапрацоўваюцца на беларускіх НПЗ для далейшага рээкспарту па-за межы агульнай мытнай тэрыторыі.
На фоне гэтых спрэчак і ўзаемнай незадаволенасці Мінск і Масква зноў дэманструюць гатоўнасць знізіць залежнасць адзін ад аднаго. Так, прэзідэнт Беларусі з задавальненнем канстатаваў, што знешні гандаль выйшаў на формулу 30-30-30, дзе доля Расіі, ЕС і так званых краін «далёкай дугі» (па сутнасці — Кітая) складае ў знешнегандлёвым балансе рэспублікі па 30% адпаведна.
Аднак, адзін з каардынатараў экспертнай платформы «Мінскі дыялог» Яўген Прэйгерман у гэтай сувязі адзначае, што доля ЕС у знешнегандлёвым абароце Беларусі забяспечваецца ў асноўным за кошт нафтапрадуктаў з расійскай сыравіны, у той час як для беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі шлях на рынак ЕС зачынены.
На гэтым фоне прыходзяць паведамленні аб пастаноўцы на забеспячэнне Узброеных сіл Расіі ракетнага шасі «Платформа-О», якое з'яўляецца прамым канкурэнтам прадукцыі Мінскага завода колавых цягачоў, які да гэтага дня з’яўляўся манапалістам у гэтай галіне на расійскім рынку. Аднак ваенныя эксперты прызнаюць, што якасць расійскага аналага пакуль не дацягвае да прадукцыі беларускай вытворчасці.
Драматызаваць тое, што адбываецца ў беларуска-расійскіх адносінах, не варта. Нягледзячы на перыядычныя эмацыйныя выказванні і дыпламатычныя пікіроўкі, беларуска-расійскія адносіны не выходзяць за рамкі інэрцыйнага сцэнара. Бакі не гатовыя да якаснага паглыблення інтэграцыі, але і біць талеркі ў адносінах адзін з адным не збіраюцца.